uzluga.ru
добавить свой файл

ПРЫРОДА РОДНАГА КРАЮ

Урок-пасяджэнне КВЗ

Мэта: абагульніць веды дзяцей аб жывёльным і раслінным свеце; развіваць кемлівасць, памяць; выхоўваць любоў да прыроды роднага краю.

Ход урока

- Сёння у нас незвычайны ўрок: урок-пасяджэнне КВЗ, у якім прымаюць удзел тры каманды: «Праменьчык», «Сонейка», «Вясёлка». Ацэньваць работу каманд будзе журы.

Прадстаўленне каманд.

Слова даецца камандзе «Праменьчык».

У дуброве, каля рэчкі,

Спеюць чорныя парэчкі,

Ў пералеску, ля крыніцы,

Ззяюць спелыя суніцы.

І вясной, і цёплым летам

Тут наўкола многа кветак,

Нівы жыта і пшаніцы,

У стаўку вада іскрыцца.

Журавель з вядром, калодзеж…

Дзе ж такое месца знойдзеш?

Ну куды ж пайсці, падацца,

Па якой прайсці мне кладцы?

Хараство, куды ні глянеш,

Ад світання да змяркання.

І парэчкі – каля рэчкі,

І суніцы – ля крыніцы…

Без цябе жыць немагчыма,

Мая любая Радзіма!

С.Шушкевіч.

Наш дэвіз:: «Любіць прыроду – любіць Радзіму».

^ Слова даецца камандзе «Сонейка».

І рана ўстаць умеем самі,

І знаем сцежкі нацянькі,

І светлы лес, дзе між дубамі

Чакаюць нас баравікі.

З вясёлым спевам, звонкім смехам

Мы ўсе абудзім гушчары.

Калі ж заблудзімся, дык рэха

Заўсёды скажа, дзе сябры.

Дзень добры вам, лясы-дубровы,

І гулкі бор, і хмызнячок,

Паклон табе, рудагаловы

Крамяны друг – баравічок!

Вітанне вам, з травы і кветак

Палян жывыя дываны.

Жыві і слаўся, лес мой любы,

На ўлонні роднай стараны.

К.Кірыенка

Наш дэвіз: «Беражы лес – крыніцу здароўя».

^ Слова даецца камандзе «Вясёлка».

Будуюць буслы буслянку.

Работа кіпіць ад ранку.

Галінкі збіраюць, пер'е.

Народнае кажа павер'е,

Што шчасце паселіцца ў хаце,

Як птушка з людзьмі паладзіць

І сонцам абмыецца просінь,

Буслы будуць дзетак прыносіць.

І вечныя будуць на свеце

Дзеці і гнёзды,

Гнёзды і дзеці.

І.Рубін

Наш дэвіз: «Беражы птушак – нашых сяброў».

(Журы ацэньвае работу кам анд у балах і аб'яўляе вынікі.)

Размінка. Прадстаўнікі ад кожнай каманды выцягваюць карткі, на якіх запісана адно з наступных пытанняў:

  • Як вызначыць стораны гарызонта па сонцы?

  • Як вызначыць стораны гарызонта ў пахмурнае надвор'е?

  • Як вызначыць стораны гарызонта ў пахмурнае надвор'е ў лесе?

На падрыхтлўку адказу даецца 1-2 хвіліны.

^ Конкурс знаўцаў прыроды. Прадстаўнікі каманд робяць невялікія паведамленні аб прыродзе роднага краю, якія падрыхтавалі загадзя.

І. Багаты і разнастайны жывёльны свет Беларусі. У лясах водзяцца ласі, вавёркі, рысі, казулі, дзікі, ваўкі, янота-падобныя сабакі і шмат іншых жывёл.

На ўсходзе Беларусі ў глухіх лясах сустракаецца буры мядзведзь. Ён любіць паласавацца малінамі, жалудамі, чарніцамі, але не грэбуе і мясной ежай. На зіму мядзведзь залягае ў спячку, аднак часам прачынаецца і пакідае бярлог. Галодны звер надзвычай небяспечны.

^ Самы буйны і рэдкі звер – зубр. Дзікі бык дасягае двух метраў вышыні і важыць каля тоны. Жыве зубр у Белавежскай пушчы.

На рэках невялікімі сем'ямі жывуць бабры. Іх хаткі – надзвычай умела зробленае жыллё з галля дрэў і гліны. Звяркі маюць прыгожае і цёплае футра.

ІІ. Багатае і разнастайнае зялёнае ўбранне нашай зямлі. Вялікія і малыя лясныя масівы займаюць трэцюю частку тэрыторыі краіны.

Асаблівым хараством вызначаюцца векавыя дубровы Палесся. Дубы-веліканы дасягаюць трыццаці метраў у вышыню і з'яўляюцца сведкамі падзей далёкай мінуўшчыны.

^ Уражваюць сваёй прыгажосцю бярозавыя гаі. Стройныя пушыстыя бярозы пояць нас салодкім сокам, драўніна выкарыстоўваецца для вырабу фанеры, мэблі.

Па ўсёй Беларусі шумяць хваёвыя бары. Яны ачышчаюць паветра ад шкодных бактэрый і пылу. Менавіта таму ў хваёвых лясах будуюцца санаторыі, дамы адпачынку.

^ Для поўначы краіны характэрны густыя і цёмныя хваёвыя лясы.

Елка – высакаякасны будаўнічы матэрыял, сыравіна для вырабу паперы.

ІІІ. Звініць над нашай зямлёй шматгалосы птушыны спеў. Спяваюць чыжы, шчыглы, дразды, кукуюць зязюлі, выводзяць чароўныя трэлі салаўі.

У зязюлі незвычайны апетыт: за гадзіну яна знішчае каля 100 шкодных вусеняў. На працягу некалькіх дзён зязюля можа ачысціць лес ад вялікай колькасці шкодных насякомых.

^ Да 10 мільёнаў шкодных насякомых за год знішчае невялічкая птушачка, яна важыць усяго – 5-6 грамаў. Гэта – каралёк.

Да трохсот вялікіх вусенях штодзённа паядае шпак.

Не разбурайце мурашнікі! Сям'я мурашніка за дзень знішчае да ста тысяч насякомых. Акрамя таго, мурашкі здольны ўратаваць лес ад пажару. Пры сустрэчы з агнём мурашкі становяцца на заднія лапкі і выкідваюць на агонь струменьчыкі вадкасці.

^ Конкурс «Зялёная аптэка». Каманды адказваюць на пытанні, якія задаюць адна адной па чырзе.

  1. Дапамагчы чалавеку, хвораму на сэрца, можа кветка. Якая? Вось што піша пра яе паэт В.Жуковіч:

^ На сцяблінках тонкіх

Вісяць званочкаў гронкі-

Белыя, духмяныя,

Ў тугіх лістах схаваныя.

(Ландыш.)

(З кветак расліны вырабляюць лякарства, якое ўжываецца пры захворванні сэрца.)

  1. Часам і ў дзяцей, і ў дарослых прападае апетыт. «Зялёная аптэка» ў такіх выпадках рэкамендуе звяртацца да расліны, пра якую піша Н.Парукаў:

^ Раптам вецер дзьмуць пачаў-

І той белы пух пагнаў.

Што за кветка там такая,

Апетыт што ўзбуджае?

(Дзьмухавец.)

(Узбуджае апетыт настой кораня дзьмухаўцу.)

  1. Некаторыя дзеці пакутуюць ад бародавак і не ведаюць, што вялікую дапамогу пры гэтай хваробе аказвае расліна, назву якой трэба адгадаць.

^ Эй, камарык, беражыся!

На кветку гэту не садзіся!

З жыццём можаш развітацца:

Можна сесці, ды не ўзняцца.

(Расянка.)

(Расянка корміцца камарамі і мухамі. Менавіта з гэтай расліны робіцца лекавы прэпарат, які дапамагае чалавеку пазбавіцца ад бародавак.)

^ Конкурс казак. Казкі пра жывёл каманды рыхтавалі загадзя.

Самотная зязюля

Было гэта даўным-даўно. З'явіліся ў лесе вусені. Дрэвы, кусты, трава пакрыліся агіднымі, пражэрлівымі істотамі, якія хутка знішчалі сакавітую лясную зелень.

Старая мудрая Сава тэрмінова склікала ўсіх птушак на нараду. Прызадумаліся птушкі – загіне лес, загінуць і яны самі.

Раптам да цётухны Савы падляцела Зязюля.

- Я магу знішчыць гэтых насякомых. Аднак наседжваць і гадаваць маіх дзетак давядзецца іншым птушкам. Вусені ядавітыя, і я буду атручваць сваіх птушанят.

Птушкі маўчалі…

З тых часоў зязюля паядае іншыя птушкі, падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды, а потым кліча сваіх дзетак: «Ку-ку! Ку-ку!».

^ Аранжавая мышка

Аднойчы Коля ўбачыў аранжавую мыш.

-Ой, ты чаго такая аранжавая? – спытаў здзіўлена хлопчык.

-Чаго, чаго, - сярдзіта сказала мыш. – Сіняя фарба закончылася. Вось і прыйшлося аранжавай фарбавацца.

- А навошта ўвогуле трэба было фарбавацца? – яшчэ больш здзівіўся Коля.

- Навошта? Пакуль кот будзе здзіўляцца, вось як ты, я паспею збегчы ад яго. Зразумеў? – прапішчала мыш і шмыгнула ў норку.

- Зразумеў, - сказаў сам сабе Коля і ўбачыў ката, які ўваходзіў у пакой. Кот быў светла-зялёнага колеру.

- Ух ты! – усклікнуў хлопчык. – А ты чаму светла-зялёны?

- А вось убачыць мяне мышка, адкрые ад здзіўлення рот, тут я яе і злаўлю. Разумець трэба!

Светла-зялёны кот узняў хвост і паважна пасунуўся да норкі, вартаваць мышку.

^ Конік Кузя

Маленькі конік Кузя быў занадта баязлівы. Нават самая маленькая кузурка палохала яго да смерці.

Аднойчы на луг прыйшлі хлопчыкі з сачком. Яны хацелі злавіць коніка. Перапалоханы Кузя зрабіў вялізны скачок і забіўся ў густую траву. «Трэба будаваць хатку, кааб было дзе хавацца ад ворагаў», - вырашыў конік.

Да наступлення халадоў Кузя пабудаваў сабе жыллё, назапасіў салодкай травы… Прайшла зіма, наступіла вясна. Кузя ўбачыў зялёныя сцяблінкі траў, першыя кветкі і радасна затрашчаў. Ён не адчуваў страху. Конік стаў дарослым.

^ Музычная паўза. Капітаны ўзгадваюць песні пра жывёл і расліны, выконваюць па куплету з кожнай песні.

Конкурс капітанаў. Капітаны каманд павінны назваць прадстаўніка жывёльнага свету, ад якога паступіла скарга.

1. Я непрыгожая. Людзі з агідай адварочваюцца ад мяне. Шмат хто і каменеем імкнецца кінуць або нагой пхнуць. А за што? Не ўсім жа быць прыгожымі. А карысць ад мяне вялікая. Я ад вусенняў агарод ачышчаю. А калі ў вас у хаце завяліся прусакі, прынясіце мяне – і яны знікнуць. (Жабка.)

2.Шмат небыліц расказваюць пра нас… І сапраўды, мы непрыгожыя, не любім святла, падобныя і на звярка, і на птушку. Мы не ворагі, мы сябры – знішчаем шкодных насякомых. (Лятучая мыш, кажан. За гадзіну начнога палявання з'ядае 170 камароў.)

3.Не любяць нас людзі: і вочы круглыя, і голас немілагучны наводзіць страх па начах, і бяду мы як быццам прыносім. А ці ж гэта так? Чаму ж ніхто не памятае аб тым, што мы ратуем поле ад мышэй-палёвак, якія здольны знішчыць за лета ўраджай зерня і пакінуць людзей без хлеба? Вось і падумайце, любіць нас трэба ці крыўдзіць. (Сава. Палюе ў асноўным на мышэй-палёвак і за лета з'ядае іх больш за тысячу.)

Конкурс-віктарына для балельшчыкаў.

  1. Якую птушку называюць галоўным салістам лясоў? (Салаўя.)

  2. На якое дрэва садзіцца ў час дажджу сарока? (На мокрае.)

  3. Якія расліны прыкладваюць да ран? (Трыпутнік, балотны мох.)

  4. Кветкі якіх раслін папярэджваюць аб дажджлівым надвор'і? (Кветкі дзьмухаўцу, наготак, белага гарлачыка закрываюць перад дажджом свае пялёсткі.)

  5. Якія расліны можна выкарыстоўваць для заваркі чаю? (Ліст малін, чарніц, брусніц, суніц, зверабою і інш.)

  6. Колькі ног у павука? (Восем.)

  7. Якія грыбы атрымалі назву ад дрэў, пад якімі яны растуць? (Падасінавік, падбярозавік.)

  8. Якая жывёла жыве пад зямлёй? (Крот.)

  9. Якія расліны вадаёмаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі? (Белы гарлачык, жоўты гарлачык.)

  10. Якіх жывёл называюць санітарамі лесу? (Мурашак, дзятлаў, ваўкоў.)

  11. Як арыентавацца ў лесе без компаса? (Па сонцу, ствалах і кронах дрэў.)

  12. У якой травяністай расліны плады нагадваюць парашут? (У дзьмухаўцу.)

  13. Адгадайце назвы звяроў і птушак нашых лясоў.

У ваду нырае смела,

Хатку ён будуе ўмела,

^ Пад вадой і на вадзе

Будаўніцтва ён вядзе.

(Бабёр.)


Жыве у норах хітры пёсік,

Поўсць рудая, чорны носік.

Памяло цягае ўслед –

Замятае ім свой след.

(Ліса.)


За ўсіх птушак ён чарней,

Чысціць поле ад чарвей.

(Грак.)


Не на дрэве, не ў кустах

Пасяліўся шэры птах.

Ён жыве ў полі,

Дзе прастору болей.

К сонцу падымаецца,

Несняй заліваецца.

(Жаваранак.)


Дзетак сваіх не гадуе, Нават гнязда не будуе,

Звонка ў лесе гукае.

Што за птушка такая?

(Зязюля.)


Гучна-гучна зароў

Цар пушчанскіх звяроў.

(Зубр.)


Летам носіць ён кажух,

Мае свой абход пчаліны,

Уплятае мёд за двух

І збірае ў9 рот маліны.

(Мядзведзь.)


Чырвоная дзюба,

Чырвоныя пяты,

На лузе – цыбаты,

У небе – крылаты.

(Бусел.)


Прыляцела да кармушкі

Размалёваная птушка.

Паспытала дзюбай сала –

І сябровачак пазвала….

(Сінічка.)

Журы аб'яўляе вынікі конкурсаў, віншуе каманду-пераможцу. Настаўнік дзякуе членам журы і классу за работу.