uzluga.ru
добавить свой файл

Дар’я Спірыдонава

Калі б не тая ноч красавіка…”

(водгук на верш В. Яраца “Балада Палесся”)


Знаёмства з вершам беларускага паэта Віктара Яраца “Балада Палесся” выклікала на душы ў мяне самыя розныя пачуцці. Гэта і сум, і горыч, і страх. Сум і горыч ад таго, што бяда, пра якую расказвае аўтар, здарылася з нашай краінай, з нашым народам. Страх ад таго, што я баюся, каб гэтая трагедыя, гэтая “ноч красавіка” не паўтарылася зноў.

Паэт прысвяціў свой верш тэме чарнобыльскай аварыі. Віктар Ярац паказвае нам тое, чаго пазбавіла беларусаў трагедыя: рака, суніцы, птушкі, грыбы, рыба… Адна “ноч красавіка” знішчыла цудоўную прыроду Палесся. Адной яркай метафарай (“горыччу дыхнула неспазнанай”) паэту ўдалося перадаць усю трагедыю, яе неспадзяванасць, імгненнасць. Застаецца толькі марыць аб тым, што б магло быць, калі б не адбылася аварыя. Застаюцца толькі ўспаміны аб шчаслівым мінулым. Паўтор “як і раней” гучыць як напамін людзям пра багатую палескую прыроду:

Як і раней, цякла б між траў рака,

Як і раней, суніцы спелі б на палянах.

Чытаеш гэтыя радкі і ўяўляеш шырокую раку, вялікія лясы з цудоўнымі сунічнымі палянкамі, грыбнымі мясцінамі. А можа, нічога і не здарылася?.. Але ж гэты ўмоўны лад дзеясловаў (“цякла б”, “спела б”, “лавілі б”, “шукаў бы”) зноў вяртае нас да рэчаіснасці:

Калі б не тая ноч красавіка,

Якой і ў страшным сне зямля не знала.

Віктару Ярацу ў невялікім вершы ўдалося перадаць увесь жах чарнобыльскай аварыі, і мне хочацца, каб гэты верш стаў напамінам усім людзям пра адказнасць за свае ўчынкі перад прыродай і перад роднай зямлёй.