uzluga.ru
добавить свой файл
1

Вікторыя Трыфанава

Апостраф і Мяккі знак

Лінгвістычная казка

Ёсць на свеце краіна Фанетыкі. Жывуць у ёй Гукі і Літары.

Аднойчы Гукі і Літары заспрачаліся.

Галосныя крычалі, што толькі яны сапраўдныя. Зычныя трымаліся сваёй думкі. Мяккія маўчалі. У іх не было сталага меркавання. А глухія… Тыя нікога не хацелі слухаць. На Мяккі знак і Апостраф увогуле ніхто не зважаў. “Ці ёсць вы, ці няма вас – ніякай розніцы. Вы нічога не значыце”.

Пакрыўдзіліся Апостраф і Мяккі знак і вырашылі: раз мы такія нікчэмныя, нікому не патрэбныя, значыць, мы пакінем краіну Фанетыкі. Так яны і зрабілі. Апранулі сваю любімую вопратку: Апостраф – доўгае паліто, капялюш і галошы, а Мяккі знак – чырвоныя шаравары, доўгую спадніцу і чаравікі, і адправіліся ў дарогу. Толькі так яны і не змаглі вырашыць, куды ім падацца, пагэтаму ішлі проста куды вочы глядзяць.

А Гукі і Літары тым часам працягвалі спрачацца. Аднак спрачайся ці не спрачайся, а працаваць трэба: словы ж чакаюць. І вось калі пачалі складаць словы, то ўзніклі праблемы: сямя, мілён, дзен, верабя… І што тут пачалося… Ніхто нікога не можа зразумець, думку дакладна выразіць нельга. Карацей кажучы, у краіне Фанетыкі пачаўся “крызіс”. Сабраліся Гукі з Літарамі на сход і вырашылі, што трэба знайсці Апостраф і Мяккі знак. Паслалі на пошукі самы хуткі гук А, і той іх праз некалькі гадзін знайшоў уцекачоў і прывёз дадому. Усе Гукі і Літары прасілі ў Апострафа і Мяккага знака прабачэння, абяцалі больш не крыўдзіць іх, а ўсім разам жыць мірна і працаваць на карысць людзям. З таго часу ў краіне Фанетыкі няма ніякага “крызісу”, а ўсе добрасумленна выконваюць свае абавязкі.