uzluga.ru
добавить свой файл
1


БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ


Выпускная праца па

Асновах інфармацыйных тэхналогій”


Магістранткі

Філалагічнага факультэта

Кафедры раманскага мовазнаўства

Дзенісюк Святланы Анатольеўны

Кіраўнікі:

выкладчык Квачак Ганна Валянцінаўна

ст. выкладчык Грамко Мікалай Іванавіч


Мінск 2009

Змест


Змест 3

Спіс скарачэнняў да ўсёй працы 4

Рэферат (артыкул) па тэме: Эфектыўнасць прымянення інфармацыйных тэхналогій у даследваннях перакладных тэкстаў французскай прозы 5

Уводзіны 6

Раздзел 1. Агляд літаратуры 10

Раздзел 2. Методыка даследвання 12

Раздзел 3. Асноўныя вынікі 13

Раздзел 4. Абмеркаванне вынікаў 15

Заключэнне 17

Спіс літаратуры да рэферата 18

Прадметны ўказальнік да рэферата 19



^

Спіс скарачэнняў да ўсёй працы


БД – база дадзеных

ІКТ – інфармацыйна-камп’ютарные тэхналогіі

IT – інфармацыйнные тэхналогіі

ЛІТ – лінгвістычныя інфармацыйныя тэхналогіі

ЭБД – электронная база дадзеных

MT – Machine Translation (машынны пераклад)

CAT – Computer-assisted/aided translation

ТМ – Translation Memory (памяць перакладу)

ED – Electronic Dictionary (электронны слоўнік)
^

Рэферат (артыкул) па тэме: Эфектыўнасць прымянення інфармацыйных тэхналогій у даследваннях перакладных тэкстаў французскай прозы

Уводзіны


З часу існавання такой з’явы, як пераклад і перакладчык, пастаянна з’яўляліся спробы сітэматызаваць і засталбіць у тэорыі спосабы і метады перадачы інфармацыі з адной мовы на іншую. Першымі тэарэтыкамі перакладу былі самі перакладчыкі, якія імкнуліся абагульніць свой уласны досвед, а часам і досвед сваіх братоў па прафесіі. Зразумела, што з выкладаннем свайго “перакладчыцкага крэда” выступалі найбольш выбітныя перакладчыкі ўсіх часоў і, хоць уяўленні, якія выказваліся імі, не заўсёды адпавядалі сучасным патрабаванням навуковасці і доказнасці і не складваліся ў паслядоўныя тэарэтычныя канцэпцыі, усё ж цэлы шэраг такіх уяўленняў і сёння прадстаўляе несумненны інтарэс.

Так, яшчэ перакладчыкі антычнасці шырока абмяркоўвалі пытанне пра ступень блізкасці перакладу да арыгіналу. У ранніх перакладах Бібліі ці іншых твораў, якія лічыліся свяшчэннымі ці ўзорнымі, дамінавала імкненне літаральнага капіявання арыгінала, якое часта прыводзіла да недакладнасці ці нават поўнай незразумеласці перакладу. Таму пазней перакладчыкі імкнуліся абгрунтаваць права перакладчыка на большую свабоду ў адносінах да арыгіналу, неабходнаць узнаўляць не літару, а сэнс ці нават агульнае ўражанне, “шарм” арыгіналу. Ужо ў гэтых першых выказваннях пра мэты перакладчыка можна знайсці пачатак тэарэтычных спрэчак нашага часу пра дапушчальнасць літаральнага ці вольнага перакладу, пра неабходнасць захаваць у перакладзе тое ж уздзеянне на чытача, якое меў арыгінал і г.д.

Пазней асобныя перакладчыкі спрабавалі сфармуляваць некаторае падабенства “нарматыўнай тэорыі перакладу”, выкладаючы шэраг патрабаванняў, якім павінны адпавядаць “добры” пераклад ці “добры” перакладчык. Французскі гуманіст Эцьен Дале (1509 -1546) лічыў, што перакладчык павінны адпавядаць наступным пяці асноўным прынцыпам перакладу: 1) дасканала разумець змест тэксту, які перакладаецца і намер аўтара, якога ён перакладае; 2) дасканала валодаць мовай, з якой перакладае, і гэтак жа дасканала ведаць мову, на якую перакладае; 3) пазбягаць тэндэнцыі перакладаць слова ў слова, бо гэта можа сказіць змест арыгіналу і загубіць прыгажосць яго формы; 4) выкарыстоўваць у перакладзе агульнаўжывальныя формы маўлення; 5) правільна выбіраючы і размяшчаючы словы, аднаўляць агульнае ўражанне, якое робіцца арыгіналам у адпаведнай “танальнасці”.

Гэтыя патрабаванні не страцілі сваёй значнасці і сёння. На працягу стагоддзяў перакладчыкі рабілі вялікі ўнёсак у развіццё мовы і культуры сваёй краіны, рабілі даступным усё найбольш каштоўнае, што з’яўлялася ў культуры і літаратуры іншых народаў. У больш познія часы дзейнасць перакладчыкаў стала неад’емнай умовай развіцця міжнародных кантактаў, абмену дзелавой і навукова-тэхнічнай інфармацыяй.

З самых старажытных часоў існавала дзьве формы перакладу: вусны і пісьмовы. З часам вусны пераклад, у адрозненне ад пісьмовага, не адчуў істотных зменаў. А вось пра гісторыю развіцця пісьмовага перакладу трэба пагаварыць больш падрабязна. На самым раннім этапе пісьмовы пераклад ажыццяўляўся выключна ўручную. Затым з’яўленне пішучай машынкі дазволіла паскорыць працу і палегчыць чытанне і ўспрыманне канцавога выніку перакладу. І, нарэшце, з’яўленне кампутара стала прарывам у перакладчыцкай дзейнасці. Тэкставы рэдактар, электронны слоўнік, магчымасць захоўваць усе неабходныя дакументы ў памяці кампутара дапамаглі значна паскорыць працэс перакладу і палепшыць яго якасць.

Свет працягваў змяняцца. Пастаянна развівалася міжнароднае супрацоўніцтва і ўмацоўваліся кантакты паміж рознымі краінамі. Эканоміка і палітыка дзяржаў станавіліся глабальнымі, інфармацыі на замежных мовах, якой абменьваюцца людзі з розных краін, станавілася ўсё болей і расла патрэба яе аператыўнага перакладу. Многія кампаніі сёння імкнуцца да выхаду на міжнародны рынак, у сувязі з чым актуальнымі сталі праблемы перакладу апісанняў прадукцыі на іншыя мовы і вядзення перапіскі з іншаземнымі партнёрамі. У некаторых выпадках пераклад увогуле стаў неад’емнай часткай дзейнасці кампаній. У сучасных перакладчыкаў значна дадалося працы, але выраслі і патрабаванні замоўцаў, якія прад’яўляюцца перш за ўсё да хуткасці і якасці працы.

Раней лічылася, што пісьмовы пераклад – працэсс выключна творчы, падобны да напісання мастацкай кнігі, недарэмна многія вядомыя перакладчыкі праславіліся як паэты ці пісьменнікі. Гэтае сцвярджэнне не згубіла сваёй актуальнасці і сёння, асабліва калі размова ідзе пра гуманітарныя аўтарскія тэксты, творы мастацкай літаратуры, паэзію і г.д. Да гэтага часу застаецца адкрытым пытанне пра магчымасць ці немагчымасць замены дзейнасці, якая лічылася спецыфічна чалавечай, на працу машын і кампутараў (працэсы маўлення, навучання, перакладу і інш.) Тым не менш, нельга не прызнаваць, што шмат у якіх выпадках сённяшні чалавек апынаецца бездапаможным у сваёй чыста “чалавечай” дзейнасці без прымянення інфарамцыйных тэхналогій, хаця б таму, што іх паўсюднае панаванне не дае магчымасці не выкарыстоўваць іх без значных стратаў для выніку дзейнасці. Рэаліі жыцця патрабуюць дакладнасці перадачы інфармацыі пры перакладзе і аператыўнасці выканання.

Нават пераклад паэзіі і мастацкіх тэкстаў ніякім чынам не адмаўляе карыстанне электроннымі слоўнікамі, якія не проста паскараюць працэс пошуку тлумачэння неабходнага слова, але і прапаноўваюць значна большы выбар варыянтаў з розных сфераў ужывання, чаго не можа даць нават самы пашыраны папяровы слоўнік.

Што да перакладчыцкай дзейнасці ў сучасных умовах, то спецыфіка пісьмовай працы ў гэтай сферы палягае ў неабходнасці перакладу вялікіх аб’ёмаў тэхнічных ці бізнэс-дакументаў, якія часта паўтараюцца. Тэхнічны пераклад увогуле патрабуе суровасці стылю і кананічнасці формаў, ды і хто стане думаць пра творчасць, калі трэба перакласці сотні ці тысячы старонак тэхнічнай дакументацыі ў рэкордна кароткія тэрміны. У дакументах пастаянна паўтараюцца тыповыя звароты, і калі перакладчыкі вымушаны ўручную перакладаць раз за разам адно і тое ж, то гэта значна зніжае хуткасць іх працы, а як вынік, і прыбытак кампаніі.

Прадуктыўнасць і якасць працы перакладчыка залежаць ад яго асабістага вопыту і здольнасці пастаянна вучыцца на вопыце і ведах іншых людзей. Што такое ўласны вопыт у перакладзе? Гэта памяць перакладчыка, да якой ён пастаянна звяртаецца, каб узгадаць, ці ён сутыкаўся з тым ці іншым словам, фразай ці сказам, і як яно было перакладзена ім у апошні раз. Выкарыстанне чужых ведаў зводзіцца да пошуку найбольш падыходзячых да дадзенага кантэксту словаў і выразаў па слоўніках. Аднак раней ці пазней у кожнага перакладчыка ўзнікае пытанне: Як зрабіць, каб захоўваць пад рукой не толькі слоўнікі, але і ўсе раней зробленыя ім пераклады, якія датычацца пэўнай сферы?

^

Раздзел 1. Агляд літаратуры


Актуальнасць выкарыстання сучасных ІТ ў гуманітарных сферах абумоўлена ўзрастаючай неабходнасцю комплекснага інфармацыйнага забяспечання працэсаў правядзення навуковых даследаванняў.

Зубавым А.В. прыводзяцца наступныя прыклады прымянення інфармацыйных тэхналогій у лінгвістыцы:

  1. Аўтаматычнае стварэнне слоўніка слоў якога-небудзь аўтара (навукоўца, пісьменніка, навукоўца).

  2. Аўтаматычнае вызначэнне аўтара нейкага невядомага тэкста.

  3. Аўтаматычнае вызначэнне шматзначнасці слоў.

  4. Распрацоўка аўтаматычнага сінтаксічныга аналіза сказа.

  5. Вызначэнне асноўнага зместу якого-небудзь тэкста (складанне яго рэферата)

  6. Пераклад тэкста з адной мовы на іншую.

  7. Разуменне тэкста, вымаўленага ўслых.

  8. Аўтаматычнае пабудаванне новага тэкста (кіраўніцтва карыстальніка тэлевізарам, верша, апавядання) [4, С.21].

У матэрыяле кнігі Патапавай Р.К. прадстаўлены некаторыя вобласці ўзаемадзеяння лінгвістыкі, а таксама натуральнай мовы на розных узроўнях яе функцыянавання (фанетыка-фаналагічным, лексічным, сінтактыка-семантычным, прагматычным) з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі [6].

У сучаснай лінгвістыцы ў апошняе дзесяцігоддзе выразна выкрэсліваецца перспектыўны напрамак – кампутарная лексікаграфія, якая становіцца важнай часткай прыкладной лінгвістыкі. Лінгвістамі і праграмістамі сёння актыўна абмяркоўваюцца такія пытанні, як структура і аб’ём электронных слоўнікаў, прынцыпы сістэмнай арганізацыі лексікі, метады лінгвістычнага праграмнага забеспячэння, параметры сістэматызацыі інфармацыйнага матэрыяла (А. В. Зубаў, І .І. Зубава). Адзін з важных аспектаў у навуковых дыскусіях – магчымасці прымянення кампутарных тэхналогій (КТ) пры стварэнні і прымяненні слоўнікаў. Спецыяльныя праграмы (базы дадзеных, праграмы апрацоўкі тэкстаў) дазваляюць фармаваць слоўнікавыя артыкулы, захоўваць інфармацыю і апрацоўваць яе ў аўтаматычным рэжыме.

Як вядома, традыцыйны від збора дадзеных для слоўніка – гэта каталожная картка, у якой указаныя наступныя параметры: слова, якое апісваецца, прыклад яго ўжывання, крыніца прыклада, аўтар, сфера функцыянавання. Гэтая цяжкая праца можа быць спрошчана пры дапамозе КТ, якія дазваляюць максімальна аблегчыць збор і захоўванне інфармацыі, выкарыстоўваючы для гэтага пашыраную базу дадзеных (БД –гэта вызначаным чынам упарадкаваных звестак пра некаторыя аб’екты).

У артыкуле Кутузава А.Б. паведамляецца, што ў нашы дні адбываецца выбух развіцця інфармацыйных тэхналогій перакладаў тэкстаў. У ангельскай тэрміналогіі гэтыя тэхналогіі падзяляюцца на два вялікія класы – MT (Machine Translation) I CAT (Computer-assisted/aided translation). Першы клас вядомы ў айчыннай лінгвістыцы як аўтаматычны ці машынны пераклад, то бок гэта праграмы, якія з той ці іншай ступенню поспеху цалкам замяняюць перакладчыка-чалавека. У адрозненне ад іх, сістэмы CAT (другі клас) толькі аўтаматызуюць і палягчаюць працу перакладчыка ў розных яе аспектах. У першую чаргу гэта праграмы, якія рэалізуюць канцэпцыю памяці перакладаў (translation memory), такія як Trados, OmegaT, DejaVu, WordFast, а таксама электронныя слоўнікі ABBYY Lingvo і PROMT Electronic Dictionary [5].
^

Раздзел 2. Методыка даследвання


У даследваннях лінгвастылістычных асаблівасцяў перакладных тэкстаў немалаважную ролю гралі як колькасныя (колькасць версій перакладу аднаго і таго ж тэкста ў адну гістарычную эпоху, частата прымянення аднаго і таго ж перакладчыцкага прыёму), так і якасныя метады даследвання (сінхранічны і дыяхранічны аналіз мовы перакладу; дэскрыптыўна-кампаратыўны аналіз розных версій перакладу аданаго і таго ж арыгінальнага тэксту); дэдукцыя, індукцыя. У даследванні магчымасцяў прамянення ІТ у галіне перакладу мы будзем карыстацца апісальна-параўнаўчым метадам у дачыненні да існуючых перакладніцкіх сістэмаў.
^

Раздзел 3. Асноўныя вынікі


Пры даследванні розных версій французска-расейскіх перакладных тэкстаў мы часта звярталіся да выкарыстання электронных перакладчыцкіх сістэм. Гэта дазваляла паскорыць працэс знаходжання розных адценняў тлумачэння патрэбнага слова. Асноўнай БД пры гэтым быў электронныя слоўнік Lingvo і PROMT Electronic Dictionary.

^ ABBYY Lingvo – электронны слоўнік з самай вялікай і сучаснай слоўнікавай базай на 10 мовах: ангельскай, нямецкай, французскай, італьянскай, гішпанскай, кітайскай, турэцкай, украінскай, расейскай і лацінскай. Больш за 100 агульнакласічных і тэматычных слоўнікаў, якія ўваходзяць у склад Lingvo, – гэта найбольш актуальныя і аўтарытэтныя выданні ў сваіх галінах. На дадзены момант плануецца ўключэнне беларуска-украінскага і беларуска-ангельскага слоўнікаў у склад Lingvo. Слоўнікавы артыкул у Lingvo ўтрымлівае ўсю неабходную інфармацыю пра слова ці словазлучэнне: яго пераклад і значэнні, транскрыпцыю, націск і вымаўленне, прыклады ўжывання і граматычныя формы.

Новая версія слоўніка Lingvo 12 дапамагае хутка знайсці пераклад і дакладна падабраць патрэбнае слова. Са слоўнікаў, якія ўваходзяць у склад Lingvo 12, больш за 30 – гэта новыя і абноўленыя слоўнікі вядомых аўтараў з больш за 1 млн 250 тыс новых слоўнікавых артыкулаў. Да таго ж Lingvo 12 – гэта хуткі і зручны спосаб атрымаць пераклад дзякуючы перапрацаванаму інтэрфэйсу і новай магчымасці: падказцы, якая ўсплывае па навядзенні курсора мышы. Вынікі перакладу прадстаўленыя ў адным акне ў выглядзе спіса слоўнікавых картак, якія знойдзеныя ў розных слоўніках. Правая панэль забяспечвае зручную навігацыю па картках. У тым выпадку, калі патрэбнага слова няма ў загалоўках слоўнікавых артыкулаў, аўтаматычна запускаецца пошук па тэксце ўсіх слоўнікаў. Патрэбнае слова будзе знойдзена, калі яно хаця б раз сустракаецца ў любым месцы любога слоўніка ABBYY с. Да таго ж існуе магчымасць стварэння асабістых слоўнікаў карыстальніка, якія той пазней можа дадаць у агульны спіс слоўнікаў Lingvo.

У нашых даследваннях мы карысталіся і праграмай ^ PROMT Electronic Dictionary. PROMT Electronic Dictionary – гэта праграма сямейства PROMT8.0, якая забяспечвае працу са слоўнікавай базай Электроннага Слоўніка і дазваляе атрымліваць інфармацыю па любым выбраным слове, у тым ліку шматлікія пераклады з розных слоўнікаў, якія складаюць слоўнікавую базу ED (Electronic Dictionary), а таксама шырокую граматычную і марфалагічную інфармацыю.

PROMT Electronic Dictionary мае наступныя асноўныя магчымасці:

  1. Пошук слова ў альфабэтным спісе па любой словаформе.

  2. Адлюстраванне ўсіх магчымых перакладаў з указаннем часціны мовы і слоўніка, у якім яны знойдзены.

  3. Адлюстраванне граматычнай інфармацыі па найдзеным слове.

  4. Паказ усіх магчымых славаформаў зыходнага слова.

  5. Паказ усіх магчымых словаформаў кожнага з перакладаў.

  6. Пошук усіх словазлучэнняў, якія ўключаюць зыходнае слова, з адлюстраваннем знойдзеных словазлучэннях у асобным спісе і атрымання для кожнага словазлучэння ўсёй паказанай вышэй інфармацыі.

  7. Захаванне “гісторыі” працы ў асобным альфабэтным спісе.

  8. Стварэнне закладкі на абраны слоўнікавы артыкул, захаванне закладак у асобным альфабэтным спісе.

  9. Пошук перакладу слова ў электронным слоўніку пры працы ў любым прылажэнні Windows.

  10. Падключэнне слоўнікаў карыстальніка да асноўнай базы ED.

  11. Стварэнне ўласнай карыстальніцкай слоўнікавай базы ED.
^

Раздзел 4. Абмеркаванне вынікаў


Не выклікае сумневу той факт, што электронныя слоўнікі прадстаўляюць карыстальніку мноства дадатковых магчымасцяў у параўнанні з друкаванымі аналагамі:

  • Дазваляюць захоўваць вялікі аб’ём інфармацыі з дапамогай выкарыстання гіперспасылак;

  • Электронны слоўнік мае эфектыўную сістэму пошуку (паўнатэкставы пошук, адначасовы пошук у некалькіх слоўніках, хуткасць пошуку);

  • У электронных слоўніках могуць прымяняцца сродкі мультымедыя: агучванне загалоўкавых слоў, уводзіны ілюстрацыйнага матэрыяла з фотаздымкамі, анімацыяй, відэофрагментамі;

  • Магчымаць ужывання слоўнікаў у лакальным і глабальным сеціве;

  • Значная эканомія часу і матэрыяльных рэсурсаў пры ўтварэнні кампутарных слоўнікаў.

Кампутарная лексікаграфіі дазваляе пашырыць магчымасці вывучэння сэнсавай структуры слова, дапамагае правесці эфектыўны аналіз існуючых перакладаў, прасачыць развіццё семантыкі слова ў храналагічным аспекце і зрабіць вынікі пра лінгвастылістычныя асаблівасці перакладаў французскіх тэкстаў на расейскую і беларускую мовы.

Дзякуючы выкарыстанню электронных слоўнікаў Lingvo12 і PROMT Electronic Dictionary мы змаглі зрабіць вынікі пра лінгвастылістычныя асаблівасці перакладаў французскай прозы XIX ст., такія як:

  • Літаральны пераклад лексічных адзінак і ўстойлівых словазлучэнняў, калькаванне фанцузскіх сінтаксічных структур;

  • Спрашчэнне сінтаксічных стркутур да мінімуму, адмова ад аўтарскіх дэталяў, скарачэнне паралельных сінанімічных структур, паніжэнне стылістычнага рэгістру лексічных адзінак;

  • Пераадоленне культурных і прасторавых бар’ераў праз перадачу спецыфічна французскіх устойлівых словазлучэнняў пры дапамозе іх расейскіх эквівалентаў;

  • Захаванне прасторавай дыстанцыі праз транскрыпцыю і транслітэрацыю геаграфічных назваў і ўласных імёнаў.

Ня гледзячы на тое, што электронныя слоўнікі Lingvo12 і PROMT Electronic Dictionary маюць амаль падобную функцыянальнасць, некаторыя іх адметнасці і нюансы прымушаюць як прафесійных, так і непрафесійных перакладчыкаў звяртацца да абодвух слоўнікаў адначасова, у залежнасці ад патрабаванняў і мэтаў перакладу. У адрозненне ад слоўніка Lingvo12 важным момантам для даследчыкаў-філолагаў з’яўляецца тое, што PROMT Electronic Dictionary дазваляе не проста атрымаць эквівалентны пераклад патрэбнага слова, але і адлюстраванне шырокую граматычную інфармацыю па знойдзеным слове, паказвае ўсе магчымыя славаформы зыходнага слова і кожнага з перакладаў, то бок з’яўляецца яшчэ і граматычным дапаможнікам. Сярод вартасцяў слоўніка Lingvo12 трэба адзначыць прастату выкарыстання, якая выцякае з больш скіраванай функцыянальнасці, што грае немалаважную ролю ў тым, што большасць перакладчыкаў мастацкай літаратуры часцей звяртаецца менавіта да слоўніка Lingvo.

Заключэнне


Не так даўно ў ВНУ, якія здзяйсняюць падрыхтоўку спецыялістаў –лінгвістаў, з’явіліся дысцыпліны, звязаныя з камп’ютэрнай апрацоўкай лінгвістычных дадзеных. І гэта не выпадкова, бо на сучасным этапе развіцця інфарматызацыі ўсіх сфер дзеяння чалавека практычна ад кожнага прафесіянала патрабуецца ўменне прадстаўлення і апрацоўкі інфармацыі.

Тэндэнцыі ў развіцці сучаснай лінгвістыкі ўсё больш і больш пераконваюць нас ў тым, што межы паміж на першы погляд зусім рознымі дысцыплінамі – такімі як інфарматыка і лінгвістыка – звужаюцца.

Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі прадстаўляюць вялікі арсенал сродкаў аналітычнай апрацоўкі дадзеных. Даследчыкі розных навуковых дысцыплін знойдуць у інфармацыйных тэхналогіях якасны сучасны інструмент для рашэння самы складаных даследчых задач.

Што да прымянення КТ у сферы перакладу, то трэба зазначыць, што сістэмы MT зрабілі магчымым хуткі і танны пераклад, але пакуль у гэтай вобласці застаецца шмат невырашаных пытанняў. Пераклад вельмі залежыць адь кантэктсту і розных канатацый слоў і словазлучэнняў. Не заўсёды магчыма прадставіць поўны фармалізаваны кантэкст разам з тэкстам, таму аўтаматычны пераклад абмежаваны канкрэтнымі тэматыкамі, і амаль заўсёды неабходна наступнае рэдагаванне. Фактычна, зараз сістэмы машыннага перакладу ўжо не імкнуцца зямяніць перакладчыкаў-людзей, а хутчэй выступаюць у якасці дапаможцаў. Мы разглядаем кампутар, як узмацняльнік інтэлектуальнай дзейнасці чалавека і як прыладу, якая прадстаўляе перакладчыку неабходныя інструменты.

Мы мусім прызнаць, што, ня гледзячы на хуткае развіццё і ўжыванне ІТ ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, да гэтага часу такія спецыфічныя сферы, як мастацкі пераклад, не могуць абысціся без інтэлектуальнай дзейнасці чалавека.
^

Спіс літаратуры да рэферата


  1. http://mexperevod.net/Drugie_sredstva_avtomatizacii_perevoda.html

  2. Blanco, Xavier. La traduction au tournant du XXIe siècle. Une optique plurielle de la traduction./Х. Blanco// Module pédagogique du Projet de l'Union Européenne Socrates Lingua Action [Source éléctronique]. – 1998. Mode d’accès: http://www2.ulg.ac.be/facphl/uer/d-german/trad_act/. – Date d’ accès: 29.04.2009.

  3. Баранов, А.Н. Введение в прикладную лингвистику: Учебное пособие. Изд. 2-е, исправленное. / А. Н. Баранов – М.: Едиториал УРСС, 2003. – 360 с.

  4. Зубов, А.В. Информационные технологии в лингвистике: Учеб. пособие для студ. лингв. фак-тов высш. учеб. Заведений / А.В.Зубов, И.И.Зубова – М.: Издательский центр “Академия”, 2004. – 208 с.

  5. Кутузов, А.Б. Компьютерные технологии в формировании профессиональной компетенции переводчика/ А. Б. Кутузов // Языки профессиональной коммуникации: сборник статей Третьей международной научной конференции, т.2. - Челябинск, 2007 г. Режим доступа: http://tc.utmn.ru/files/kutuzov_it.pdf. - Дата доступа: 1.12.2009.

  6. Потапова, Р.К. Новые информационные технологии и лингвистика. Изд.4 / Р. К. Потапова – М.: 2005. – 368 с.

  7. Соловьёва А.В. Профессиональный перевод с помощью компьютера./ А. В. Соловьева – СПб.: Питер, 2008.

  8. Шашенкова, Е. Перевод как коллективное творчество // Директор ИС №5/ Е. Шашенкова – 2007. Режим доступа: http://www.osp.ru/cio/2007/05/4213908/. – Дата доступа: 1.12.2009.

Прадметны ўказальнік да рэферата


ABBYY Lingvo 11, 13, 15, 16

Computer-assisted Translation 11

Machine Translation 11, 17

PROMT Electronic Dictionary 11, 13, 14, 15

база дадзеных 11

лексікаграфія 10, 15

лінгвастылістычныя асаблівасці перакладаў 15

лінгвістыка 10

тэхнічны пераклад 8

электронны слоўнік 10, 15